3G
3G — агульная назва тэхналогій трэцяга пакалення сотавай сувязі. Першыя сеткі 3G былі разгорнуты ў пачатку 2000-х гадоў. Асноўнымі стандартамі 3G з’яўляюцца UMTS (распрацаваны групай 3GPP на замену GSM) і CDMA2000 (распрацаваны Qualcomm на замену cdmaOne).[1] Абодва стандарты заснаваны на спецыфікацыях IMT-2000, распрацаваных Міжнародным саюзам электрасувязі.

У параўнанні з сеткамі другога пакалення (2G), такімі як GPRS і EDGE, сеткі 3G маюць больш высокую хуткасць мабільнага інтэрнэту і палепшаную якасць голасу.[2] Яны дазваляюць праглядаць вэб-старонкі і мультымедыйны кантэнт, у тым ліку ствараць відэавыклікі[2] з хуткасцю перадачы даных не менш за 144 Кбіт/с.[3]
Пазнейшыя версіі 3G, такія як 3.5G (HSPA), 3.75G (HSPA+) і EV-DO, дазволілі павялічыць хуткасць мабільнага інтэрнэту спачатку да некалькіх Мбіт/с, а пазней нават да 42 Мбіт/с.[4] Гэтыя абнаўленні далі магчымасць выкарыстоўваць смартфоны і мабільныя мадэмы для патокавай перадачы відэа і анлайн-гульняў. У канцы 2000-х на змену 3G прыйшлі тэхналогіі 4G, якія забяспечылі яшчэ больш высокія хуткасці перадачы даных.
З развіццём сетак 4G, выкарыстанне 3G значна скарацілася. Некаторыя аператары ўжо цалкам адключылі або знаходзяцца ў працэсе адключэння сваіх сетак 3G. Напрыклад, у ЗША Verizon адключыў свае паслугі 3G 31 снежня 2022 года. Паводле звестак Telenor IoT у Еўропе 19 аператараў у 14 краінах плануюць паступова адмовіцца ад 3G да 2025 года. Станам на люты 2022 года менш за 1 % прылад сотавай сувязі ў ЗША патрабавалі 3G.
Станам на 2025 год сеткі 3G у Беларусі працягваюць выкарыстоўвацца і нават развівацца для пакрыцця аддаленых раёнаў. Па ацэнках кампаніі МТС толькі 15 % галасавой сувязі праходзяць праз сеткі 4G.[5] Пры гэтым сеткі 4G у Беларусі ствараюцца адзіным інфраструктурным аператарам — кампаніяй beCloud — і размяркоўваюцца паміж існуючымі аператарамі. У той жа час сеткі 3G ствараюцца кожным аператарам сувязі асобна, што дазваляе ім мець большы кантроль над працэсамі.[6]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Nunno. Migration to 3G Technology Standards: A Comparison of Selected Countries. FCC (1 верасня 2003).
- ↑ а б All about the Technology=2011-04-04. itu.int. Праверана 17 жніўня 2019.
- ↑ 3G vs. 4G: What's the Difference? (англ.). PC Magazine (10 лютага 2015). Праверана 17 жніўня 2019.
- ↑ HSPA - About Us. GSMA. 2017-07-09. Архівавана з арыгінала 9 July 2017. Праверана 2024-11-29.
- ↑ [Сергеев]. «3G отключать преждевременно». МТС рассказал о 4G и перспективах 5G в Беларуси (руск.). Onliner (18 сакавіка 2025). Праверана 29 снежня 2025.
- ↑ Почему в Беларуси не спешат отключать 3G и когда запустят 5G – ответ эксперта (руск.). Точка BY (2 кастрычніка 2025). Праверана 29 снежня 2025.