Перайсці да зместу

Пімен Панчанка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пімен Панчанка
Выява Пімена Панчанкі з паштовай маркі Беларусі.
Выява Пімена Панчанкі з паштовай маркі Беларусі.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 10 (23) жніўня 1917[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 красавіка 1995(1995-04-02)[1] (77 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык, паэт, літаратурны крытык, журналіст
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі Ордэн Айчыннай вайны II ступені Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн «Знак Пашаны» медаль «За баявыя заслугі» медаль «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна» Медаль «Партызану Айчыннай вайны» I ступені медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «Сорак гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» юбілейны медаль «50 гадоў Узброеных Сіл СССР» юбілейны медаль «60 гадоў Узброеных Сіл СССР» юбілейны медаль «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» медаль Францыска Скарыны
Народны паэт Беларусі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Пі́мен Емялья́навіч Па́нчанка (10 (23) жніўня 1917[1], Рэвель[2]2 красавіка 1995(1995-04-02)[1], Мінск) — беларускі паэт, перакладчык, крытык. Народны паэт Беларусі (1973).

Бацька, Емяльян Арцёмаціч, і маці, Дар’я Факееўна — сяляне з вёскі Гедэйкі Ашмянскага павета Віленскай губерні, выехалі на заработкі ў Прыбалтыку. Пімен Панчанка нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў Рэвелі (цяпер — Талін) Эстляндскай губерні Расійскай імперыі.

Ваенныя цяжкасці, адсутнасць у хаце гаспадара, які быў у расійскім войску, ускладнілі цяжкое Дар’і Факееўны Панчанка. З двума дзецьмі на руках ёй было цяжка ў чужым горадзе, і жанчына ў 1920 годзе падалася на радзіму да сваёй маці. Там, у Бягомлі, прайшлі дзіцячыя і раннія юнацкія гады Пімена Панчанкі. Пазней бацька працаваў у Бягомлі, Старцах, Талачыне аб’ездчыкам, прарабам, лесаводам[3]. У 1932 годзе Пімен Панчанка скончыў Бягомльскую сямігадовую школу, падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў ВНУ ў Горках. У 1933 годзе сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, Пімен пачаў працаваць на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым.

У 1933—1934 гадах вучыўся на настаўніцкіх курсах. Пасля працаваў загадчыкам Алянскай пачатковай школы Бабруйскага раёна (1934—1935). У 1935—1938 гадах быў настаўнікам Казуліцкай няпоўнай сярэдняй школы ў Кіраўскім раёне. У 1938—1939 гадах працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў Кіраўскай сярэдняй школе. Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Менскага настаўніцкага інстытута, які скончыў у 1939 годзе[3].

Удзельнік паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 1939 года. У часы Другой сусветнай вайны быў спецыяльным карэспандэнтам у вайсковых і франтавых газетах. Вершы, фельетоны і прыпеўкі Пімена Панчанкі змяшчаліся ў раздзеле «Па карку недавярку» (газета «За свабодную Беларусь», Калінінскі фронт), у сатырычных выданнях «Партызанская дубінка», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і іншых. Быў на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах.

Пімен Панчанка — аўтар тэксту[заўв 1] «Партызанскага маршу»[4][5], улёткі з якім захоўваюцца ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея:

"

 «На прускага ката
За вёску і хату!» —
Кліч помсты народнай заве.
Ідуць у атаку лясныя салдаты,
Грукочуць гранаты,
Грымяць аўтаматы:
Жыве Беларусь!
Жыве![6][7]

"

У 1944—1945 гадах з часцямі Чырвонай Арміі быў у Іране[3]. Дэмабілізаваўся ў 1946 годзе.

Пераязджае ў Мінск, працуе загадчыкам аддзела рэдакцыі часопіса «Вожык», з 1948 года быў загадчыкам аддзела, а пазней намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1954—1958 гадах працаваў галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». У 1958—1966 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», зняты з пасады за друк аповесці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць», раскрытыкаванай савецкімі ўладамі[8]. З 1966 года быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1972 года на творчай рабоце[3].

У 1958 годзе як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1959—1967, 1971—1990 гадах. Быў старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру. Член Рады Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1990 года[3].

Магіла Пімена Панчанкі на Усходніх могілках у Мінску

Памёр 2 красавіка 1995 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Быў у шлюбе з Зояй Кірылаўнай (народжанай Бушко)[9], дзеці — Таццяна і Андрэй[10].

Улётка з «Партызанскім маршам» часоў Другой сусветнай вайны. Аўтарства Пімена Панчанкі

Першыя вершы Пімена Панчанкі «Ураджайнае» і «Моладзі» былі апублікаваныя ў альманаху «Ударнікі» (1934. № 3). Галоўнымі матывамі яго даваеннай творчасці былі ўлаўленне паслярэвалюцыйнай сацыялістычнай рэчаіснасці. У першых зборніках «Упэўненасць» (1938) і «Вераснёвыя сцягі» (1940) адлюстраваны рамантычна-ўзнёслы настрой, паэт услаўляе хараство і багацце краіны, услаўляе сацыялізм.

За часамі Другой сусветнай вайны ў творчасці Пімена Панчанкі пераважае патрыятычная паэзія, але выяўляе сябе таксама ў трагічным і сатырычным кірунках. Падрыхтаваны да друку трэці зборнік вершаў «Трывожныя зарніцы» згарэў у часе вайны. Аўтар паэтычных зборнікаў «Табе, Беларусь», «Дарога вайны», «Далёкія станцыі». Уражанні аб знаходжанні ў Іране апісаў у цыкле «Іранскі дзённік» (1944—1947).

У пасляваеннай паэзіі Пімена Панчанкі часцей гучаць грамадзянскія матывы: барацьба за мір, услаўленне сацыялістычнага ладу, палёты ў космас, інтэрнацыянальныя сувязі. Выходзяць зборнікі паэта «За шчасце, за мір» (1950), «Шырокі свет» (1955), «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Ёркскія малюнкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962). Лірыка-публіцыстычная паэма «Патрыятычная песня», у якой паэт выказваў прызнанне ў любві да Радзімы і людзей, была ў 1959 годзе ўзнагароджана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы.

У 1966 годзе выйшла кніга вершаў Панчанкі «Пры святле маланак» (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы 1968). Пачынаючы з гэтай кнігі, светаразуменне паэта становіцца больш заглыбленым, па-філасофску засяроджаным, разважлівым. Паэтычныя зборнікі Пімена Панчанкі «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977) насычаны непакоем, роздумам над глабальнымі тагачаснымі праблемамі, над будучыняй чалавецтва. У іх гучыць любоў да роднай зямлі, да чалавека працы.

Пімен Панчанка ў сваёй творчасці выступае нацыянальным беларускім патрыётам, змагаром за захаванне прыроды, піша пра высокія маральныя ідэалы. У яго вершах спалучаецца лірызм з публіцыстычным напалам.

Перакладаў на беларускую мову творы Адама Міцкевіча, М. Нагнібеды, Райніса, Фрыдрыха Шылера і інш.

У 1981 годзе за зборнік «Дзе начуе жаваранак?» Пімену Панчанку была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

У 1980-х — пачатку 1990-х гадоў у творчасці паэта ўзмацніліся публіцыстычнасць, палемічная вастрыня, сатырычны пафас. Вершы грамадзянскага гучання склалі зборнікі «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Прылучэнне» (1987), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988), «Высокі бераг» (1993). Грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час «Паэма сораму і гневу» (1989)[11], у якой паэт выкрывае заганы бальшавіцкай улады.

Пасля смерці паэта з друку выйшлі яго кнігі «Зямля ў мяне адна» (1996) і «Жытнёвы звон» (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў. Пімен Панчанка ёсць аўтарам шматлікіх публіцыстычных артыкулаў і эсэ, успамінаў пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і падзеі літаратурнага жыцця.

Першы паэтычны зборнік «Упэўненасць», 1938

Зборнікі паэзіі

[правіць | правіць зыходнік]
  • «Упэўненасць» (1938)
  • «Вераснёвыя сцягі» (1940)
  • руск.: «Тебе, Беларусь!» (Масква, 1942)
  • «Дарога вайны» (Масква, 1943)
  • «Далёкія станцыі» (1945)
  • «Гарачыя вятры: Вершы і паэмы» (1947)
  • «Вершы (1948)
  • «Прысяга» (1949)
  • «За шчасце, за мір!» (1950)
  • «Вершы і паэмы» (1952)
  • «Шырокі свет» (1955)
  • «Кніга вандраванняў і любові» (1959)
  • «Нью-Йоркскія маланкі» (1960)
  • «Тысяча небасхілаў» (1962)
  • «Чатыры кантыненты: Вершы і паэмы» (1964)
  • «Пры святле маланак» (1966)
  • «Размова з наследнікамі: Вершы і паэма» (1967)
  • «Снежань» (1972)
  • «Вершы» (1973)
  • «Крык сойкі» (1976)
  • «Вячэрні цягнік» (1977)
  • «Лірыка» (1980)
  • «Млечны Шлях» (1980)
  • «Маўклівая малітва» (1981)
  • «Дзе начуе жаўранак» (1983)
  • «Сіні ранак» (1984)
  • «Лясныя воблакі» (1985)
  • «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986)
  • «Прылучэнне» (1987)
  • «Горкі жолуд» (1988)
  • «Неспакой» (1988)
  • «Высокі бераг» (1993)
  • «Зямля ў мяне адна» (1996)
  • «Жытнёвы звон» (2002)

Гумар і сатыра

[правіць | правіць зыходнік]
  • «Гарачы лівень» (1957)

Літаратура-крытычныя эсэ

[правіць | правіць зыходнік]
  • «На паэтычным небасхіле» (1977)
  • «Выбраныя творы» (1956)
  • «Выбранае» (1975)
  • «Збор твораў : У 2 т.» (1959)
  • «Збор твораў : У 3 т.» (1967—1971)
  • «Збор твораў : У 4 т.» (1981—1983)

Прэміі і ўзнагароды

[правіць | правіць зыходнік]

У 1964 годзе Пімен Панчанка напісаў верш «Родная мова», у якім выказаў пратэст супраць знішчэння беларускай мовы савецкімі ўладамі:

"

Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна...
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыццё мне!

"

Аднак на патрабаванне выдавецтва (іначай — кніга не выйдзе) паэт мусіў змяніць фінальную страфу на «Ці плачу я, ці пяю, / Ці размаўляю з матуляю — Песню сваю, мову сваю / Я да грудзей прытульваю». У такім выглядзе «Родная мова» друкавалася ва ўсіх выбраных, зборах твораў і школьных падручніках[13].

У 1986 годзе падпісаў адкрыты ліст беларускай інтэлігенцыі да Міхаіла Гарбачова з просьбай абароны беларускай мовы[14][8].

У 1995 годзе ён разам з паэтам Максімам Танкам, акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзімам Гарэцкім і іншымі беларускімі творчымі і навуковымі дзеячамі выступіў з прапановай прыняць у якасці дзяржаўнага гімна Беларусі верш Алеся Ставера «Вякамі стваралі мы нашу дзяржаву», дзе апяваюцца герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг (сцяг Айчыны) і сцвярджаецца нацыянальны дэвіз: «Дружней, беларусы! Гучней, беларусы! Гукайма: Жыве Беларусь!»[15].

Імя Пімена Панчанкі носіць вуліца ў Мінску, ёсць вуліцы ў Смалявічах, Бялынічах, Гродне. Школа № 199 у Мінску названа ў гонар Пімена Панчанкі.

  1. Аснова тэксту — пераклад на беларускую мову верша Аляксея Суркова[ru]
  1. а б в г The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. а б Панченко Пимен Емельянович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  3. а б в г д Беларускія пісьменнікі 1994, с. 455.
  4. Панчанка П. Выбраныя пераклады. // Збор твораў. У чатырох тамах. Том 1. Вершы i паэмы (1934 — 1945 гг.). Выбраныя пераклады. / Р. Барадулін. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. — Т. 1. — С. 332. — 366 с. — 17 000 экз.
  5. Ученые из НАН Беларуси объяснили, почему «Жыве Беларусь» и БЧБ — не «циничные и оскорбительные», TUT.BY, 11.11.2020 г.
  6. Скобла М. Сяржук Доўгушаў: Песьня гучыць, і яе не спыніць, яна — як сьцяг, Радыё Свабода, 13 ліпеня 2016 г.
  7. «Партызанскі марш» часоў Другой сусьветнай вайны з збораў Віцебскага абласнога краязнаўчага музэя
  8. а б “Што ў Пімене табе маім? Постаць Пімена Панчанкі на зломе эпохаў” . Радыё Свабода (5 снежня 2007). Праверана 4 верасня 2025.
  9. Будзьма беларусамі! » Любіў Уітмена, лавіў шпіёнаў. Да 105-годдзя народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі ўзгадваем адметныя факты з яго біяграфіі. budzma.org. Праверана 4 верасня 2025.
  10. сегодня, СБ-Беларусь. Воспоминания внука Пимена Панченко о деде (руск.). www.sb.by (3 снежня 2014). Праверана 4 верасня 2025.
  11. Будзьма беларусамі! » Пімен Панчанка: Без калектыву я не магу.... budzma.org. Праверана 3 верасня 2025.
  12. Национальная академия наук Беларуси: персональный состав, 1928—2018. — Минск: Беларуская навука, 2018. — С. 572—573.
  13. Скобла, Міхась. Як цэнзуравалі Пімена Панчанку . Радыё Свабода (20 ліпеня 2023). Праверана 4 верасня 2025.
  14. «Требуются решительные действия по спасению родного языка, родной культуры…». Письма белорусских писателей, артистов и ученых М. С. Горбачёву. 1986—1987 гг / публ. подготовила Т. М. Кузьмичёва // Исторический архив. 2004. № 6. С. 5-30
  15. РАДЫЁ СВАБОДА / Выбары. archive.svaboda.org. Праверана 4 верасня 2025.