Багамскія Астравы
| Багамскія Астравы | |||||
|---|---|---|---|---|---|
| англ.: Commonwealth of the Bahamas[1] фр.: Commonwealth des Bahamas[2] славацк.: Bahamské spoločenstvo[3] | |||||
| |||||
| Дэвіз: «Forward Upward Onward Together» | |||||
| Гімн: «March On, Bahamaland» | |||||
|
|
|||||
| Дата незалежнасці | 10 ліпеня 1973 (ад Вялікабрытаніі) | ||||
| Афіцыйныя мовы | англійская | ||||
| Сталіца | |||||
| Найбуйнейшыя гарады | Насау | ||||
| Форма кіравання | Канстытуцыйная манархія | ||||
| Кіраўнік дзяржавы Генерал-губернатар Прэм’ер-міністр |
Карл III Сінція А. Прат Філіп Дэвіс |
||||
| Тэрыторыя | |||||
| • Агулам | 13,939 км² (160-я ў свеце) | ||||
| • % воднай паверхні | 28% | ||||
| Насельніцтва Багамскіх Астравоў | |||||
| • Ацэнка | 338 958[4] чал. (177-я) | ||||
| • Шчыльнасць | 24 чал./км² | ||||
| ВУП | |||||
| • разам (2009) | 9,084 млрд[5] дол. (151-е месца) | ||||
| • На душу насельніцтва | 29,800[5] дол. | ||||
| Валюта | багамскі долар | ||||
| Інтэрнэт-дамен | .bs | ||||
| Код ISO | BS | ||||
| Код МАК | BAH | ||||
| Тэлефонны код | +1242 | ||||
| Часавыя паясы | UTC-5 і America/Nassau[d][6] | ||||
| Аўтамабільны рух | злева[d][7] | ||||
Бага́мы, Бага́мскія Астравы́ (англ.: Bahamas), Садру́жнасць Бага́мскіх Астраво́ў (англ.: Commonwealth of the Bahamas) — дзяржава на 700 астравах аднайменнага архіпелага ў Атлантычным акіяне на паўднёвы усход ад паўвострава Фларыда. Тэрыторыя — 13,9 тыс.кв.км. Насельніцтва — больш 300 тыс. чалавек, у асноўным — негры і мулаты (85 %). Сталіца — Насау (каля 220 тыс. жыхароў). Дзяржаўная мова — англійская. Рэлігія — хрысціянства (пераважае пратэстанцызм). Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці — 10 ліпеня (1973). Грашовая адзінка — багамскі долар.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне назвы дакладна не ўстаноўлена, існуюць дзве асноўныя гіпотэзы на гэты конт. Паводле адной з іх, назва паходзіць з фразы на мясцовай мове «Taino ba ha ma» («вялікая верхняя сярэдняя зямля»). Як сцвярджаецца ў іншай гіпотэзе, назва ўзнікла з ісп.: baja mar («неглыбокае мора» або «адліў»), якое адлюстроўвае плыткаводдзе ў гэтым раёне.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]
Багамскі архіпелаг складаецца прыкладна з 700 астравоў каралавага паходжання. Найбуйнейшыя з іх:
Большасць астравоў плоскія. Найвышэйшы пункт (гара Алвернія) знаходзіцца на востраве Кэт (63 м).
Клімат пераходны ад субтрапічнага да трапічнага. Сярэдняя тэмпература на працягу года трымаецца каля 24,8 °C. Аднак у рэдкіх выпадках узімку яна можа паніжацца да 2 — 3 °C. Сярэдняя колькасць ападкаў — 1389,4 мм у год.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першымі пасяленцамі на Багамскіх астравах лічацца індзейцы-лукаяны (адсюль назва Лукайскія астравы), адгалінаванне племя аравакаў, якія прыбылі сюды прыблізна ў IX стагоддзі.
Гэту тэрыторыю «знайшоў» Хрыстафор Калумб у 1492 годзе. Адзін з астравоў архіпелага — Уотлінга (востраў Сан-Сальвадор) — першая адкрытая іспанцамі зямля Новага Свету. Трыма гадамі пазней каланісты пасяліліся на архіпелагу. Іспанцы вывозілі мясцовых жыхароў на Эспаньёлу (востраў Гаіці) у якасці рабоў, і праз 25 гадоў індзейскае насельніцтва было практычна ліквідавана, а каланізатары пакінулі паселішча.
Пасля цягам стагоддзя астравы заставаліся малазаселенымі і незапатрабаванымі. У 1647 Багамы захапілі брытанцы, а кароль Англіі Карл I Сцюарт перадаў іх генеральнаму пракурору. У 1650 годзе сюды прыбылі нешматлікія перасяленцы з Бермудскіх астравоў. Тады ж на Багамах атабарыліся піраты, якія стварылі свае базы для адпачынку і рамонту караблёў. Марскіх разбойнікаў выгналі англічане ў 1718 годзе. Так Багамы сталі брытанскай калоніяй.
Тут спрабавалі арганізоўваць трысняговыя плантацыі на амерыканскі ўзор, але паколькі глеба была не надта ўрадлівая, большасць «сельгаспраектаў» перастала існаваць у першыя ж гады. Затое паспяхова развіваўся турызм — заможныя амерыканцы ахвотна раскашэльваліся на адпачынак у тропіках. У 1920 годзе грошы ўвогуле пасля прыняцця ў ЗША «сухога закона» на астравах актывізаваліся кантрабандысты. Багамы былі платформай для незаконнага забеспячэння Злучаных Штатаў алкаголем, і неўзабаве горад Насау стаў велізарным складам рому. У багамскай сталіцы ўкладвалі значныя сродкі ў будаўніцтва, з’яўлялася вялікая колькасць гатэляў. Адмена «сухога закона» ў ЗША ў 1933 годзе прывяла Багамы да Вялікай дэпрэсіі. Гэтак жа як і ў Злучаных Штатах, Другая сусветная вайна пазначыла канец эканамічнага спаду. У той час многія амерыканскія ваенныя прыязджалі на астравы для адпачынку, што істотна паляпшала эканоміку краіны.
Пасля кубінскай рэвалюцыі ў 1959 годзе Багамы апынуліся ў выгадным становішчы з прычыны таго, што многія заходнія вандроўнікі былі вымушаныя адмовіцца ад курортаў на Кубе. У Насау пашырылася амерыканская база ВПС, каб прымаць міжнародныя авіярэйсы, быў абноўлены порт і пачалася актыўная рэкламная кампанія. Уздым дабрабыту справакаваў развіццё партыйнай сістэмы і абвастрэнне этнічных трэнняў, бо белая эліта атрымала велізарныя даходы ад турызму, у той час як чорная большасць так і заставалася за рысай беднасці.
У 1964, у адпаведнасці з новай Канстытуцыяй, астравам было дадзена ўнутранае самакіраванне. Прагрэсіўная ліберальная партыя, якую падтрымлівала чорнае насельніцтва, прыйшла да ўлады ў 1967 годзе і паклала канец панаванню белых. З 10 ліпеня 1973 Багамы сталі незалежнай дзяржавай.
Спробы рэформаў ад лібералаў прывялі да зніжэння кошту нерухомай маёмасці і спынення эканамічнага росту. Партыйныя лідары загразлі ў карупцыі, некаторыя з іх былі ўцягнутыя ў міжнародны наркагандаль. Пасля дапамогі ЗША, аказанай для спынення наркатрафіку ў 1980-х, і выбараў адміністрацыі, якая прадстаўляе інтарэсы дзелавых колаў (Свабодны нацыянальны рух), у 1992 годзе Багамскія астравы пачалі паступова адраджацца.
Багамы рэгулярна пакутуюць ад ураганаў і трапічных штармоў. Так, у 1992 годзе чацвёра загінулі падчас урагану «Эндру». У 1999-м ураганы «Дэніс» і «Флойд» (апошні суправаджаўся больш чым 15-метровымі хвалямі) прайшліся па астравах, разбурыўшы дамы, дарогі, рыфы і курорты. Да 2001-га ўрон быў ліквідаваны, і Багамы зноў набылі прывабнасць для турыстаў. У 2004 годзе дзевяць чалавек загінулі падчас трапічнага шторму «Жанна». У 2016, падчас урагану «Мэцью», аэрапорты Багамскіх астравоў былі закрытыя і жыхары прылеглых тэрыторый былі выкліканы ўладамі для перамяшчэння на ўзвышша, каб уратавацца ад паводкі.
У верасні 2019 года ўраган «Дорыян» прайшоўся па тэрыторыі астраўной дзяржавы. Віхур рэкорднай моцы атрымаў найвышэйшую — пятую — катэгорыю небяспекі. Вада падымалася да сямі метраў, а хуткасць ветру набліжалася да 300 кіламетраў у гадзіну.
Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]
Канстытуцыйная манархія. Незалежная дзяржава ў складзе Садружнасці. У адпаведнасці з канстытуцыяй глава дзяржавы — каралева Вялікабрытаніі, прадстаўленая генерал-губернатарам (А. Д. Хана).
Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Сената (16 членаў, прызначаюцца генерал-губернатарам) і Палаты сходу (40 членаў, абіраюцца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў).
Вышэйшым выканаўчым органам краіны з’яўляецца ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Ім становіцца лідар партыі, якая атрымала большасць на выбарах (у 2007 гэты пост заняў Х. Інгрэм).
Асноўныя палітычныя партыі. Свабодны нацыянальны рух (кіруючая; лідар — Х. Інгрэм). Прагрэсіўная ліберальная партыя (лідар — П. Крысці), Кааліцыя за дэмакратычную рэформу.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]
Аснова эканомікі — турызм (прыносіць 60 % нацыянальнага прыбытку), а таксама фінансавыя і банкаўскія паслугі (15 % ВУП). Багамы — трэцяе (пасля Ліберыі і Панамы) дзяржава «зручнага сцягу» у свеце.
Рост ВУП у 2006 склаў 4 %. Доля прадукцыі сельскай, рыбнай гаспадаркі (занята каля 5 % працоўных рэсурсаў) і прамысловай вытворчасці ў ВУП не перавышае 10 %. Наменклатура прадуктаў і тавараў, якія вырабляюцца для задавальнення ўнутраных патрэбнасцяў у харчаванні і экспарту прадстаўленая цытрусавымі, бананамі, цукровым трыснягом, агародніннымі культурамі, мясам птушкі, ялавічыны і свініны, рыба- і морапрадуктамі. У апрацоўчай галіне эканомікі вырабляюцца соль, ром, араганіт (каралавы пясок, які выкарыстоўваецца для вытворчасці шкла), хімічныя і фармацэўтычныя прадукты.
Краіна моцна пацярпела ад фінансавага крызісу 2008 года. З тых часоў рост аднавіўся, але застаецца слабым, склаўшы 1,4 % ў 2017-м. Праз нізкія падаткі банкаўская справа з’яўляецца другім па велічыні сектарам эканомікі краіны, на долю якога прыпадае пятая частка ВУП. У 2000 годзе Багамскія астравы былі аднесены да катэгорыі падатковых гаваняў, а ў красавіку 2010-га яны былі выкраслены з шэрага спісу краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР).
У таварнай наменклатуры экспарту прысутнічаюць ром, соль, араганіт, хімічныя прадукты, морапрадукты, цытрусавыя і гародніна; імпарту — харчаванне і гатовыя вырабы, аўтамабілі і запасныя часткі да іх, абсталяванне прамысловага прызначэння, камп’ютары, электронная тэхніка, мінеральнае паліва. Асноўныя гандлёвыя партнёры: ЗША, Канада, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Японія.
Зноскі
- ↑ Official Names of the United Nations Membership — UN, 2016. — 5 p.
- ↑ http://cnig.gouv.fr/wp-content/uploads/2020/02/CNT-PVM_r%C3%A9vis%C3%A9_2020-01-27-1.pdf
- ↑ https://www.skgeodesy.sk/sk/ugkk/geodezia-kartografia/standardizacia-geografickeho-nazvoslovia/nazvy-statov/
- ↑ World Gazetteer Архівавана 9 мая 2013.
- ↑ а б The Bahamas(недаступная спасылка). International Monetary Fund. Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2012. Праверана 1 кастрычніка 2009.
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica
- ↑ http://chartsbin.com/view/edr
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Што пагражае Багамам? — zviazda.by
- Энцыклапедыя «Кругосвет»(недаступная спасылка) (руск.)