Перайсці да зместу

"Юнг Вільне"

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пісьменнікі групы Юнг Вільне. Сядзяць справа налева: Мойша Левін (Бэр Сарын), Шэйна Эфрон, Самсон Каган, Рахіль Суцкевер, Бенцыён Міхтом. Стаяць справа налева: Шмерке Качэргінскі, Аўром Суцкевер, Эльханон Воглер, Хаім Градэ, Лейзэр Вольф.

Юнг Вільне, ідыш יונג ווילנע, ("Маладая Вільня") — яўрэйскае літаратурна-мастацкае згуртаванне, якое дзейнічала ў Вільні ў 1927—1939 гадах. Але і пазней яе сябры ўплывалі на яўрэйскую культуру ў розных краінах свету.

У групы не было адзінай мастацкай канцэпцыі. У яе ўваходзілі таленавітыя літаратары левых палітычных поглядаў і розных мастацкіх кірункаў — авангардызму, неарамантызму, экспрэсіянізму[1][2].

Да згуртавання належалі пісьменнікі Эльханон Воглер, Дейзер Вольф, Мойша Левін (Бэр Сарын), Самсон Каган, Шмерке Качэргінскі, Перэц Міранскі, а таксама два найвыбітнейшыя яўрэйскія пісьменнікі пасляваеннага часу Хаім Градэ і Аўром Суцкевер. З “Юнг Вільне” супрацоўнічалі мастакі Бенцыён Міхтом, Рахіль Суцкевер, Шэйга Эфрон, Лейб Замэчак, Рафал Хволес.

Удзельнікі згуртавання стаялі на пазіцыях ідышызму (лічылі нацыянальнай мовай яўрэяў ідыш, у адрозненне ад сіяністаў, якія абапіраліся на іўрыт).

Штуршком да ўтварэння групоўкі была не літаратурная, а мастацкая акцыя. У 1927 годзе віленскія мастакі арганізавалі выставу “Ад спадчыны сінагогі да Шкляной вуліцы”. Выстава была паспяховай, зрабіла ўражанне на мастацкі асяродак Вільні.

11 кастрычніка 1929 у газеце “Вільнер Тог" быў апублікаваны маніфест аб’яднання Der arajnmarsz fun Jung Wilne in der jidiszer literatur (“Юнг Вільне” на маршы ў ідышамоўную літаратуру) і надрукаваныя творы Лейзэра Вольфа, Самсона Кагана, Шлойме Беліса, Эльханона Воглера, Мойшы Левіна[3]. Маніфест склаў Залман Рэйзен, рэдактар газеты. Адным з лідараў “Юнг Вільне” быў Аўром Суцкевер (ад 1932 года). У 1934—1936 гадах сурэдактарам віленскіх выданняў “Юнг Вільне” быў Лейзэр Вольф.

Згуртаванне выдавала часопіс “Yung Vilne” — цягам 1934—1936 гадоў выйшлі тры выпускі. Выйшлі зборнікі “Naye bleter” (1939), “Untervegs” (1940), “Bleter” (1940) з творамі сяброў “Юнг Вільне”. Таксама літаратары друкаваліся ў анталогіях і часопісах на ідыш (“Tsukunft”, “Inzikh”).

Мастак Бенцыён Міхтом стварыў эмблему “Юнг Вільне”, афармляў газету, маляваў партрэты сяброў згуртавання. Вялікі ўплыў на маладых творцаў зрабіў таксама харызматычны Мойшэ Кульбак, настаўнік літаратуры і паэт, які, праўда, у 1928 годзе перасяліўся ў Мінск.

З прыходам у Вільню савецкай улады ў 1939 годзе дзейнасць “Юнг Вільне” спынілася. У часы Халакосту частка ўдзельнікаў групоўкі загінула, рэшта здолела перабрацца ў ЗША, Ізраіль, Аргентыну, Францыю, Польшчу.

  1. Justin Cammy The Prose of Everyday Life: Moyshe Levin's Vilna Peoplescapes(англ.) // Colloquia. — 2021-12-30. — Т. 48. — С. 239–258. — ISSN 2783-6819. — DOI:10.51554/Coll.21.48.15
  2. Редакция. Юнг Вилне (руск.). Электронная еврейская энциклопедия ОРТ. Праверана 25 кастрычніка 2025.
  3. Joanna Lisek. Jung Wilne – żydowska grupa artystyczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2005. — ISBN 83-229-2670-7.