Чарапахі (Testudines) — атрад паўзуноў, які існуе на працягу больш за 220 мільёнаў гадоў. Уключае каля 230 сучасных відаў, што групіруюць у 12 сямействаў і 5 падатрадаў, распаўсюджаных у трапічнай і ўмеранай кліматычных зонах амаль па ўсёй Зямлі. Іх падзяляюць на марскіх і наземных (сухапутныя і прэснаводныя).
Даўжыня панцыра ад 10 см да 2,4 м, маса да 865 кг. Панцыр касцёва-рагавы або касцёва-скурысты, складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. У многіх чарапах пад панцыр уцягваюцца галава, хвост і канечнасці. Зубоў няма, сківіцы ўкрыты рагавымі пласцінкамі ў выглядзе дзюбы.
Марскія чарапахі пашыраны ў трапічных і субтрапічных зонах акіянаў, наземныя — паўсюдна (акрамя Антарктыды). Жывуць у пустынях, трапічных лясах, у азёрах, рэках, балотах, на марскіх узбярэжжах, у акіянах і г.д. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха еўрапейская.
Хатняя чырвонавухая чарапаха грэецца на астраўку ў акватэрарыўме
Некаторыя чарапахі (асабліва дробныя наземныя ці прэснаводныя) утрымліваюцца ў якасці хатніх жывёл. Попыт на хатніх чарапах павялічыўся ў 1950-х гадах, асабліва вырашчаных на фермах у ЗША чырвонавухіх чарапах.
У сучаснасці, каля 21% кошту гандлю жывымі жывёламі прыпадае на рэптылій, найбольш папулярнымі відаў якіх з'яўляюцца чарапахі. Аднак чарапахі патрабуюць пэўных умоў для ўтрымання, невыкананне якіх часцей за ўсё прыводзіць да пэўных праблем са здароўем чарапах. Таксама існуе праблема гандлю рэдкімі відамі чарапах.[1]
Чарапаха - адзін з першых відаў жывёл якія здзейснілі палёт на калямесячную арбіту. Палёт да Месяца і назад займае 7 дзён, і чарапахі могуць не ёсць і не піць на працягу ўсяго падарожжа, а значыць не патрабуецца спецыяльнага абсталяванне для кармлення ў бязважкасці (што дазваляе зэканоміць вагу). "Зонд-5" упершыню ў свеце здзейсніў аблёт Месяца з жывёламі на борце і праз 7 сутак пасля старту, 21 верасня 1968 года, вярнуўся на Зямлю, увайшоўшы ў атмасферу з другой касмічнай хуткасцю і прывадніўшыся ў акваторыі Індыйскага акіяна. На калямесячную арбіту чарапахі ляталі на апаратах Зонд-6 (апарат разбіўся пры пасадцы), Зонд-7, Зонд-8.
Рэкорд працягласці касмічнага палёту ў асобнай чарапахі - 90 сутак (касмічны карабель Саюз-20, запушчаны 17 лістапада 1975 года).